Францішак Вядзьмак-Лысагорскі
Сказ пра Лысую гару
********************
Раздзел другі. ПРАБЛЕМА
Адвеку знаюць у народзе,
Што калі гною не дасі,
То будзе пуста ў агародзе -
І бога нават не прасі.
Каб агародніна буяла,
Ва ўсю шугала на градзе -
Патрэбен гной. Ды і нямала.
А дзе ж узяць яго? Ну, дзе?
Загаравалі лысагорцы
Сярод няўгноеных палёў.
І прыгадалі ў скрусе творцы:
Які шчаслівец Кавалёў!
Яму кругом пашанцавала -
І тут пайшло ў яго на лад:
За свата выбраў генерала,
А ў генерала - шмат салдат.
Таму гарод не быў пустэльняй:
Абы прыходзіла пара -
Салдаты з поўнаю цыстэрнай
Так і газуюць да двара!
А паспрабуйце даць вы рады
Без генеральскае радні!
Ну, хоць ты сам кладзіся ў грады
І загнівай на карані!
Знайшлася першай паэтэса:
Сярод пустых яшчэ сядзіб,
На ейных сотках, побліз лесу,
Шпакоўня вырасла, як грыб.
«Раз аніхто з іх не даўмеўся -
Хай - дурні - бегаюць сюды.
Пакуль спахопяцца - за месяц
І гною будзе для грады...»
Тым часам іншыя шукалі:
Хто - чарназём, хто - буры торф,
Хто - проста смецце, хто - фекалій,
Каравякі збіраў прафорг.
І кожны Кучару зайздросціў
І дэталёва ўспамінаў,
Як той у цырку па-знаёмству
Браў угнаенне з-пад слана.
Як чуўся крытык вінавата
І ў цыркача сярод двара
Пытаў: «Скажы, а ці багата
Ён валіць гэтага дабра?»
Цыркач скрывіўся, цыркнуў слінай
І даў блатмайстару адказ:
«Ты і за плечы не закінеш,
Што ён нахляпае за раз!..»
Адзін рэдактар меў удачу:
Купіць гуана бочку змог.
Прыпёр упоцемку на дачу
І начапіў цяжкі замок.
Тады, на сорам чалавеку -
Ад слаўных будняў убаку -
І ўзнік ганебны лозунг веку:
«Гаўно трымайце на замку!»
У звязку з гэтаю праблемай,
Якой жылі гаспадары,
Дыскусій шмат было й палемік
На схілах Лысае гары.
- Абы дзярмо! - аднойчы ўвечар
Сказаў Няхай і тут жа скіс.
Але пісаку запярэчыў
Удумны Сачанка Барыс.
- Ну, не кажыце: гной няроўны.
Найлепшы той, што зробіш сам.
Бо ён жа твой, уласны, кроўны,
Як твор, які ты напісаў.
Мне гной уласны найдарожшы
За ўсякі куплены другі,
Хоць, пэўна, добры гной у Прокшы,
І ў Лукшы, мабыць, не благі.
Ну, а вазьмі Шашкова з Гродневым?
Хто знае, што яны ядуць
І што за гной табе дадуць?
Якая вырасце гародніна?
Калі глядзець на ўсё цвяроза,
Дык можа ў іх і гной такі,
Як іх няякасная проза,
Дзе рост не ў клубень, а ў пукі.
Ну, каб замучыла мінтрэга,
То я б адзін-другі камяк
Узяў бы толькі ў Сані Шлега -
І то затое, што зямляк...
Тым часам творцы зразумелі,
Што ў паэтэсы выйгрыш ёсць,
І пачалі шпакоўні-келлі
На ўласных сотках ставіць скрозь.
Паколькі ўсе былі маэстры
І тэарэтыкі былі -
Пра адпаведнасць формы зместу
Не дбаць пры гэтым не маглі.
І кожны мучыўся маральна,
Часова ходзячы за куст:
Якой па форме прыбіральня
Павінна быць, каб чуўся густ?
Каб не пароў у вочы ўсякі,
Каму надарыцца зірнуць:
«Ну, вось - сучасныя пісакі,
А ад жыцця, бач, адстаюць!»
Бо што стандартная шпакоўня?
Даўно ўжо збрыдзела! Шаблон!
Ці ў ёй падумаеш спакойна
Над віратлівым бегам дзён?
Не, тут стандарт - не суцяшэнне.
Нялёгка, як ты ні круці,
Архітэктурнае рашэнне
Такой будыніны знайсці!
Ды ўсіх абставіў Сіла Гусеў:
Зрабіў кабіну - будзь здароў!
Пачырванець ажно прымусіў
Прафесароў і дактароў.
Ён форму ўзяў для туалета -
Што аж зайздросна паглядзець:
Як ёсць касмічная ракета,
Вось-вось гатовая ўзляцець!
І гэтай формы сэнс быў ясны:
Заходзь, садзіся і ўключай!
Ну, а ці быў там змест сучасны -
Ты ўжо, чытач, мне выбачай!